ЭйАй

Claude Sonnet 5.5 працуе хутчэй і патрабуе менш токенаў

Deni Vasilkou · 28.09

Anthropic выпусціла Claude Sonnet 5.5 — мадэль для паўсядзённых задач, працы з кодам і стварэння дакументаў, прэзентацый і табліц. У параўнанні з Sonnet 5 яна генеруе адказы больш як на 30% хутчэй і можа знізіць кошт выканання задачы да 30%.

Claude Sonnet 5.5 стварае інтэрактыўную візуалізацыю

Цана API пры гэтым не змянілася: $2 за мільён уваходных токенаў і $10 за мільён выходных. Эканомія ўзнікае таму, што новая мадэль часцей вырашае тую ж задачу за меншую колькасць крокаў і токенаў.

Найбольш прыкметны скачок адбыўся ў праграмаванні. На Terminal-Bench 4.0 Sonnet 5.5 набрала 70,6% супраць 10,3% у Sonnet 5. У тэстах на рэальных задачах з кодам яна набліжаецца да даражэйшай Opus 5.5, хутчэй разумее кодавую базу і радзей робіць непатрэбныя выклікі інструментаў.

Мадэль таксама лепш працуе з доўгімі задачамі, выявамі і дыяграмамі. Anthropic асобна адзначае якасць дызайну: Sonnet 5.5 можа ствараць акуратныя інтэрфейсы, дакументы і слайды па зададзеным шаблоне. У адным з унутраных тэстаў яна з першай спробы падрыхтавала дзесяціслайдавую справаздачу, якую эксперты палічылі гатовай да адпраўкі.

Для бізнесу гэта не столькі чарговы рост балаў у бенчмарках, колькі больш практычная мадэль для масавых працэсаў. Яе можна выкарыстоўваць для падтрымкі кліентаў, аналізу дакументаў, падрыхтоўкі матэрыялаў і нескладаных агентных задач, дзе Opus часта будзе залішне дарагім.

Sonnet 5.5 ужо даступная ў прадуктах Claude, праз API, а таксама ў Amazon Web Services, Google Cloud і Microsoft Azure. Ідэнтыфікатар мадэлі для распрацоўшчыкаў — claude-sonnet-5-5.

Паспрабаваць Claude: claude.ai

Крыніца: Anthropic