ЭйАй

OpenAI паказала Data agent у ChatGPT Work: дашборды і аналіз дадзеных у адным чаце

Deni Vasilkou · 11.09

OpenAI амаль штодня выпускае нешта для бізнэсу. Усё больш плагінаў і працоўных сцэнароў. У гэтым бачыцца рух да ўнівэрсальнага працоўнага асяродзьдзя для прадпрымальніка — і мне гэта вельмі падабаецца.

Сьвежы прыклад — Data agent у ChatGPT Work, які OpenAI прадставіла 10 верасьня. Падключаеш дадзеныя кампаніі і задаеш пытаньне звычайнай мовай. Агент дапамагае разабрацца ў зьменах і сабраць інтэрактыўны дашборд: справаздачу з графікамі, якую можна абнаўляць і абмяркоўваць далей у той жа размове.

Да яго можна падключыць крыніцы кшталту Snowflake, BigQuery, Databricks, Redshift, MongoDB, Google Drive і SharePoint. Агент выкарыстоўвае прынятыя ў кампаніі азначэньні мэтрык і лічыцца з правамі доступу: захоўваюцца абмежаваньні на ўзроўні табліцаў, радкоў і калёнак.

Напрыклад, кіраўнік хоча зразумець, чаму ўпалі продажы. Такое пытаньне можна разьвіваць у размове: параўнаць пэрыяды, паглядзець асобны канал, запытаць доказы высновы. Але супадзеньне двух зьменаў яшчэ не даказвае прычыну — сэнс лічбаў усё роўна трэба правяраць.

Для мяне гэты анонс добра кладзецца ў больш шырокую карціну: OpenAI разьвівае Codex і ChatGPT Work як інструмэнты, зь якіх пачынаецца праца. Data agent паказаны менавіта ў ChatGPT Work; мой уласны асноўны інструмэнт — Codex.

Я даўно выбраў стратэгію Codex First: любую працоўную задачу спачатку пачынаю ў Codex. Гэта маё асноўнае працоўнае асяродзьдзе, і такі падыход я пастаянна прасоўваю. Таму зьяўленьне новых бізнэс-інструмэнтаў вакол гэтых прадуктаў я ўсяляк вітаю.

Мне блізкі напрамак, у якім прадпрымальнік прыходзіць са сваёй задачай, падключае патрэбны кантэкст і рухаецца да выніку ў адной працоўнай прасторы.

Крыніца: OpenAI — Data Agent for ChatGPT Work.